Беларуская Служба

Прэм’ер-міністр Аўстраліі сустрэўся са Святланай Ціханоўскай у Канберы

06.11.2025 11:02
Падчас размовы бакі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, вайну Расіі супраць Украіны, падтрымку для рэпрэсаваных і санкцыйную палітыку.
    -
Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Аўстраліі Энтані Албанізам у яго офісе ў Канберыhttps://tsikhanouskaya.org/

6 лістапада 2025 года Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Аўстраліі Энтані Албанізам у яго офісе ў Канберы. Упершыню аўстралійскі прэм’ер прымае беларускага палітыка на такім узроўні.  

Албаніз выказаў поўную падтрымку беларускаму народу і беларускім дэмакратычным сілам. Падчас размовы бакі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, вайну Расіі супраць Украіны, падтрымку для рэпрэсаваных і санкцыйную палітыку. Святлана Ціханоўская заклікала адрозніваць рэжым і беларусаў, Беларусь і Расію. 

Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета падзякавала прэм’ер-міністру і ўраду Аўстраліі за прынцыповую пазіцыю ў падтрымцы Украіны і за ўвагу да сітуацыі ў Беларусі.

Ціханоўская распавяла пра праблемы беларускай дыяспары ў Аўстраліі, а таксама супольныя гістарычныя сувязі. Абмеркавалі магчымасці наладжвання кантактаў з краінамі Ціхаакіянскага рэгіёну, а таксама Сінгапурам, Японіяй, і Карэяй.

Святлана Ціханоўская зазначыла, што «гэта была шчырая цёплая размова, прэм’ер цікавіцца сітуацыяй у Беларусі, ва Украіне, і вельмі непакоіцца за лёс палітвязняў. Я падзякавала прэм’еру і Аўстралійскаму народу за падтрымку Украіны і Беларусі. Упэўненая, што гэтая сустрэча выведзе на новы ўзровень нашае супрацоўніцтва з Аўстраліяй, і дапаможа нам працаваць больш эфектыўна».

Аўстралія актыўна ўдзельнічае ў міжнародных арганізацыях як ААН, часта выказваецца на тэму Беларусі, а таксама ўваходзіць у групу G-20 найбольшых эканомік свету.

Крыніца: Светлана Тихановская/юл